Расписка при продаже квартиры, образец - fortstroi.com.ua
Информация о недвижимости - comintour.net
Чем штукатурят газобетон, смотрим на странице http://stroidom-shop.ru

Юрадрас НКА ў індывідуальным жылым доме: ужо немагчыма?

8 красавіка ў судзе Віцебскай вобласьці была разгледжаная апэляцыйная скарга на адмову ў разьмяшчэньні некамэрцыйнай арганізацыі ў індывідуальным жылым доме.

Справа датычылася наваполацкай установы Інфармацыйна-культурніцкі цэнтар “ІніцыАрт”, заснавальніцай і дырэктаркай якой зьяўляецца мясцовая актывістка Вольга Дамаскіна. “ІніцыАрт” была заснаваная ў 2016 годзе і рэалізуе на Полаччыне праграмы разьвіцьця беларускай мовы і адраджэньня беларускай культуры: ладзіць канцэрты і творчыя сустрэчы, мясцовыя курсы “Жывая мова ” і курсы “Мова жанчынаў”.

“ІніцыАрт” вымушаная мець юрыдычны адрас ў адміністратыўным будынку, што цяпер вымагае вялікіх выдаткаў. Пры тым што насамрэч адмысловы офіс для практычнай яе дзейнасьці абсалютна не патрэбны. Таму арганізацыя вырашыла скарыстацца магчымасьцю, якая прадугледжаная артыкулам 14 Жыльлёвага Кодэксу. Ён дазваляе выкарыстоўваць не па прызначэньні індывідуальныя (блякаваныя) жылыя дамы без пераводу іх у нежылыя са згоды мясцовых уладаў.

НКА цяпер карыстаюцца гэтым выключэньнем і разьмяшчаюць юрадрасы ў прыватных дамах – гэта танна і мэтазгодна ў тых выпадках, калі арганізацыя ня мае патрэбу ў офісе. Працэдура дазволу мясцовых уладаў на выкарыстаньне індывідуальнага жылога дома не па прызначэньні прадугледжаная пунктам 1.1.17 пераліку адміністратыўных працэдураў.

Аднак Наваполацкі гарвыканкам адмовіў у ажыцьцяўленьні адміністратыўнай працэдуры, заявіўшы, што юрадрас установы ня можа быць разьмешчаны ў жылым доме. Гэтая пазыцыя была падтрыманая і ў аблвыканкаме, і пры абскарджваньні рашэньня ў судзе гораду Наваполацак.

Віцебскі абласны суд быў апошняй інстанцыяй для перагляду справы. Сытуацыю камэнтуе юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў, які браў удзел у судовым пасяджэньні ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці:

“На жаль, Віцебскі абласны суд пацьвердзіў пазыцыю выканкаму пра немагчымасьць разьмяшчэньня НКА у індывідуальным жылым доме. Падставай для гэтага палічылі дэкрэт №1 ад 2009 году, які рэгулюе пытаньні рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня і дазваляе разьмяшчаць у жылых памяшканьнях (уключна з кватэрамі) толькі прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы і фэрмэрскія гаспадаркі.

Гэта новая трактоўка старых прававых нормаў, якая пачала ўтварацца ў практыцы дзяржаўных органаў ад восені мінулага году. Калі раней мясцовыя ўлады давалі дазволы на разьмяшчэньне НКА у прыватных дамах, трактуючы заканадаўства на карысьць грамадзянскай супольнасьці, то цяпер мы мусім канстатаваць, што “лазейка” для разьмяшчэньня юрадрасоў у прыватных дамах зачыняецца. Вядома, што крыніцай гэтай новай абмежавальнай і неспрыяльнай для НКА трактоўкі стала Міністэрства юстыцыі – менавіта там было вырашана, што дазвол на разьмяшчэньне камэрцыйных прадпрыемстваў у кватэрах азначае забарону на разьмяшчэньне НКА ў прыватных дамах.

Гэта тым больш прыкра яшчэ і з той прычыны, што акурат увосень 2018 году, калі пачаліся гэтыя масавыя адмовы ва ўзгадненьні разьмяшчэньня юрадрасоў НКА ў прыватных дамах, менавіта Міністэрства юстыцыі распавядала пра такую магчымасьць для беларускіх НКА у Камітэце ААН па правах чалавека. 9 кастрычніка прадстаўніца Міністэрства юстыцыі, кіраўнічка ўпраўленьня па пытаньнях некамэрцыйных арганізацыяў Алена Кірычэнка паведаміла Камітэту ААН па правах чалавека пра магчымасьць для грамадзкіх аб’яднаньняў разьмяшчацца ў прыватным жылым доме (гэта было адказам на пытаньне сябраў Камітэту ААН па правах чалавека дачынна абмежаваньняў свабоды асацыяцыяў у Беларусі).

Цяперашняя трактоўка норм права, сфармуляваная органамі выканаўчай улады і некрытычна падтрыманая судамі, робіць немагчымым разьмяшчэньне НКА ў прыватных дамах. Аргумэнтацыя для абгрунтаваньня гэтай забароны для ўстановаў, можа быць выкарыстаная для распаўсюду забароны на іншыя формы НКА, у тым ліку – грамадзкія аб’яднаньні“.

Фактычная ліквідацыя раней магчымага разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў НКА ў прыватных (аднакватэрных або блякаваных) жылых дамах зьяўляецца сур’ёзным пагаршэньнемправапрымяняльнай практыкі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці. Прычым гэтае пагаршэньне ў 2018 годзе не было абумоўленае ніякімі зьменамі прававых актаў, яно адбылося толькі празь зьмену іх інтэрпрэтацыі чыноўнікамі. Такім чынам, дзяржава закрывае адну з магчымасьцяў, якія дазвалялі НКА адпаведна Жыльлёваму кодэксу абыходзіць жорсткае патрабаваньне аб абавязковай наяўнасьці сталага офісу ў адміністратыўным памяшканьні.

Барацьбу з новай практыкай, якая шкодзіць інтарэсам НКА, Юры Чавусаў адзначыў як важную і прыярытэтную задачу для Асамблеі НДА:

“Згодна з рэкамэндацыямі спэцдакладчыка ААН па праву на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, а таксама згодна зь Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе аб’яднаньняў АБСЭправавыя ўмовы для НКА павінныя быць, як мінімум, ня горш за ўмовы для бізнэсу. А ў гэтым выпадку мы маем відавочнае адступленьне ад гэтага прынцыпу: патрабаваньне абавязковай наяўнасьці нежылога памяшканьня для юрадраса стала адзначаецца беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ў пераліку найвялікшых нязручнасьцяў для дзейнасьці.

Паводле пляну законапраектнай дзейнасьці на 2019 годпрадугледжаная распрацоўка новага адмысловага закону аб рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня, прычым у абгрунтаваньне законапраекту прыводзіцца неабходнасьць урэгуляваньня пытаньняў месцазнаходжаньня суб’ектаў гаспадараньня. Вельмі важна, каб пры гэтым была выпраўленая ганебная і недарэчная сытуацыя, калі камэрцыйныя арганізацыі могуць разьмяшчацца ў жылых памяшканьнях, а для некамэрцыйных арганізацыяў гэта забароненае”.

Крыніца:  belngo.info

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Subscribe  
Notify of