Расписка при продаже квартиры, образец - fortstroi.com.ua
Информация о недвижимости - comintour.net
Чем штукатурят газобетон, смотрим на странице http://stroidom-shop.ru

У Полацку адкрылася фотавыстава пра расстраляных у Хайсах

У Полацкім касьцёле сьвятога Андрэя Баболі 24 лістапада адкрылася фотавыстава «Хайсы – віцебскія Курапаты», якая распавядае пра злачынныя расстрэлы беларускіх грамадзян у гады сталінскіх рэпрэсій. Сабраныя фотаздымкі расказваюць таксама пра працу ініцыятывы «Хайсы» дзеля ўшанаваньня бязьвінных ахвяраў камуністычнай дыктатуры.

Адкрыцьцё выставы ў полацкім касьцёле адбылося ў нядзелю 24 лістапада. Перад прысутнымі выступілі ксёндз Вячаслаў Барок, кіраўнік Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі, старшыня грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў  ды іншыя актывісты.

Не дзеля варожасьці, але – для пакаяньня

«Шмат ёсьць такіх месцаў на Беларусі, дзе ў 1930-х гадах забівалі людзей без суда і бяз сьледзтва, бяз доказаў віны. Іх забівалі толькі за тое, што яны думалі, разважалі і выказвалі сваё меркаваньне. Я быў на тым месцы ў Хайсах, там немагчыма было прайсьці, з зямлі тырчалі косткі… Але на сёньня яны сабраныя і пахаваныя з належнай пашанай», – сказаў ксёндз Вячаслаў Барок.

Ён адзначыў таксама, што непахаваныя парэшткі людзей трэба абавязкова хаваць па-хрысьціянску. І гэта трэба перш за ўсё жывым, каб пайменна ўспомніць і ахвяр рэпрэсій, і іх катаў. Але не для распальваньня варожасьці сярод тых, хто жыве, а для пакаяньня – каб такое больш не магло паўтарыцца.

У Бога няма выпадковасьцяў…

Алесь Чахольскі распавёў аб важнай працы, якую добраахвотна робяць простыя людзі – такія як Ян Дзяржаўцаў са сваімі сябрамі. Яны ахвяруюць сваім часам і сродкамі, працуюць без дапамогі дзяржавы. Больш за тое, дзяржаўныя суды штрафуюць гэтых людзей за пахаваньне парэшткаў ахвяраў рэпрэсій.

«Калі ня будзе памяці, то зло вернецца. Мы былі 22 лістапада ў Вільні на ўрачыстым пахаваньні парэшткаў нашых нацыянальных герояў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў – удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1963-64 гадоў. Іх прысудзілі да сьмерці 150 гадоў таму. Са зьвязанымі рукамі кінулі тварам у яму, закапалі як сабак, засыпалі вапнай і думалі, што ўсё на гэтым. Але нашыя героі паўсталі перад сваімі нашчадкамі. Як казаў арцыбіскуп Кандрусевіч, «нічога не адбываецца бяз волі Божай, а ў Бога не бывае выпадковасьцяў», – зазначыў Алесь Чахольскі.

Пасьля выступленьняў арганізатараў старшыня ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў правёў экскурсію па фотавыставе. Распавёў, як зь 2014 году разам з паплечнікамі шукалі інфармацыю пра месцы расстрэлаў каля вёскі Хайсы пад Віцебскам, як зьбіралі і хавалі парэшткі ахвяраў палітычнага тэрору, як усталёўвалі крыжы і помнікі.

Цяпер на месцы расстрэлаў намаганьнямі простых людзей створаны народны мэмарыял, на якім усталяваныя 32 крыжы і 2 помнікі.

Расказвае Ян Дзяржаўцаў

Прэм’ера выставы «Хайсы – віцебскія Курапаты» адбылася ў віцебскім катэдральным касьцёле 30 кастрычніка. Цяпер арганізатары абяцаюць правезьці яе па розных раёнах Віцебскай вобласьці і Беларусі. У Полацку выстава прабудзе як мінімум тыдзень.

Аляксандар Марозаў

Крыніца: vitebskspring.org

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Subscribe  
Notify of