Расписка при продаже квартиры, образец - fortstroi.com.ua
Информация о недвижимости - comintour.net
Чем штукатурят газобетон, смотрим на странице http://stroidom-shop.ru

«Трэба было выходзіць адзіным фронтам, з вылучэннем аднаго апазіцыйнага кандыдата»

Ужо не адну выбарчую кампанію палітычна актыўная грамада падзяляецца на тых, хто ўдзельнічае, і тых, хто байкатуе выбары. З кожным электаральным цыклам спрэчак усё больш, а выбараў усё менш. Што ёсць сёння электаральныя кампаніі, ці трэба ў іх удзельнічаць, дый наогул, што трэба рабіць апазіцыі, распавядае Віктар Карняенка, дэлегат з’езда Народных дэпутатаў СССР, дэпутат ВС 12 склікання.

Віктар Карняенка

— Давайце адразу з галоўнага пытання: ці існуюць у Беларусі выбары?

— Пачынаючы з 1996 года ў Беларусі інстытут выбараў прэзідэнта, заканадаўчых і прадстаўнічых органаў улады грамадзянамі, лічу, не існуе. На маю думку, з гэтага часу ўладу ў нашай краіне нельга лічыць легітымнай і законнай.

— Калі сапраўдных выбараў няма, ці трэба ў гэтых кампаніях удзельнічаць?

— Не аднойчы выказваўся на гэты конт. Навізна сённяшняга погляду на дылему ўдзельнічаць — не ўдзельнічаць толькі ў тым, што ўпершыню за трыццаць гадоў я сам не ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі пад назвай «выбары» ні ў якой якасці. Зусім не таму, што памяняў меркаванне. Не! Папросту ва ўсяго бывае свой пачатак і заканчэнне. Так што нічога асабістага.

Сапраўды, выбараў як дэмакратычнага механізму абрання органаў улады няма. Але ёсць палітычная кампанія пад назвай «выбары» і, самае галоўнае, ёсць беларускія выбаршчыкі. Таму ігнараваць такія кампаніі апазіцыйныя палітычныя арганізацыі не маюць права. Відавочна, што неабходнасць правядзення падобных спектакляў раздражняе і Лукашэнку, таму ён і называе іх «вакханаліяй». Але адмяніць так званыя «выбары» не маглі нават у СССР. Канешне, удзел апазіцыйных партый тут не трэба блытаць са змаганнем за мандат. Вось такія спадзяванні смешныя, марныя, і «дэпутатам» у існуючых умовах можна стаць толькі той ці іншы апазіцыянер, які персанальна патрэбны ў гэтай якасці для гульняў рэжыму ў дэмакратыю.

— Ці маюць рацыю тыя, хто разглядае гэтыя кампаніі як магчымасць апазіцыйнай агітацыі?

— Маюць, канечне, але больш вольная агітацыя падчас кампаній, калі хоць крыху ўзрастае палітызаванасць грамадства, — толькі адзін, прычым не самы галоўны чыннік. Больш важна не даць рэжыму магчымасці забяспечыць сваю «элегантную перамогу», і чарговым разам выкрыць фальсіфікатараў на рэальных свежых фактах, у персаналіях і па канкрэтных месцах злачынстваў. Даказваць грамадству, міжнароднай супольнасці, што сённяшнія выбары фальшывыя, бо такімі ўжо былі мінулыя, зусім непераканаўча і недарэчна. Ёсць і іншыя, можа, менш значныя аргументы супраць ігнаравання нават такіх «выбараў». Мабілізацыя новых актывістаў, падвышэнне палітызацыі грамадства, падтрымка структур у адпаведным тонусе, пошук новых тэхналагічных метадаў, напрыклад, выкарыстоўванне сацыяльных сетак. Лепш гэта, чым 2 месяцы прасядзець на канапе за кампутарам.

Віктар Івашкевіч, Андрэй Саннікаў, Аляксандр Мілінкевіч, Віктар Карняенка, Сямён Домаш

— Ці легітымізуе апазіцыя такія выбары сваім удзелам?

— Такое меркаванне рэтранслююць альбо недасведчаныя ў гэтым пытанні людзі, альбо тыя, каму ўдзельнічаць няма чым. Бо для правядзення любой кампаніі патрэбны, як мінімум, людскія рэсурсы. Скажу больш. Калі ўявіць, што ўсе апазіцыйныя партыі будуць ігнараваць, напрыклад, бягучую кампанію, законнасць абранага «парламента» падвысіцца. Калі ўдзельнічаць будуць толькі стаўленікі ўлады, то і фальсіфікаваць нічога не трэба. Грамадзяне, якія шукаюць альтэрнатыву, яе не знойдуць, нават падчас агітацыі і збору подпісаў. Міжнародныя назіральнікі пабачаць, што з выбарамі на гэты раз усё ціп-топ, тады чаму ПАСЕ і ЕС не прызнаваць прайшоўшыя без парушэнняў выбары дэмакратычнымі?

Ёсць дзіцячыя спадзяванні, што адмова апазіцыі ад удзелу ўжо па факце будзе выклікаць пытанні ў грамадскасці і міжнародных інстытутаў. Хутчэй, наадварот. Нават тыя нешматлікія партнёры згубяць да Беларусі цікавасць, бо дапамагаць можна тым, хто нешта робіць. Урэшце, у якім прававым акце (Канстытуцыя, законы, міжнародныя дамовы і г.д.,) запісана, што адмова ад удзелу ў кампаніі апазіцыі робіць выбары нелегітымнымі? Што да беларускай грамадскасці, яна нават і не заўважыць такога пратэсту, бо рэжым элементарна падбярэ спарынг-партнёраў для сваіх сапраўдных пратэжэ.

Існуюць і больш экзатычныя аргументы на карысць ігнаравання кампаній, напрыклад, такая: паступова апазіцыйны ігнор выкліча ланцуговую рэакцыю, участкі для галасавання будуць пустымі — і гэта смяротна напалохае ўладу, якая пабачыць, што застаецца без падданых грамадзян. Па-першае, грамадзяне патрэбны сённяшняй уладзе толькі для таго, каб, умоўна кажучы, стрыгчы іх, як авечак. Па-другое, ініцыятарамі такіх утапічных прапаноў з’яўляюцца тыя, хто абсалютна зашораны і адарваны ад сапраўднага жыцця людзей. Некаторыя яшчэ настойваюць на тым, што адмова ад удзелу апазіцыі ў падобных кампаніях — гэта сімвалічны шлях да яе ачышчэння. Я не святар, таму гэтыя «аргументы» пакіну без каментара.

— А ці ёсць яшчэ ў прынцыпе сёння апазіцыя? Каго прэзентаваць беларускаму грамадству?

— Магчыма, некаторыя лічаць, што апазіцыі ў краіне няма, сама апазіцыя лічыць, што яна ёсць. Іншае пытанне, наколькі яна арганізаваная, дзеяздольная, палітычна дасведчаная і паспяховая. Відавочна, патэнцыял для росту апазіцыйных настрояў ёсць, гэтаму спрыяе рэжым сваімі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі «дасягненнямі». Пытанне ў тым, калі гэтыя пратэстныя настроі вылезуць з уласных кухань, лазняў, курылак і альтанак у публічную прастору. З аб’ектыўных прычын трэба ўзяць пад увагу тое, што нельга чакаць бурнага росквіту апазіцыйных партый пры адсутнасці выбараў, жорсткім падаўленні іншадумства ды пад поўным кантролем рэжыму дзяржсектару (і не толькі!) эканомікі. Адна кантрактная сістэма чаго вартая! Але давайце будзем шчырымі: апазіцыйныя партыі і іх лідары не захапілі ўсе плошчы-вуліцы гарадоў краіны і палітычныя вакансіі. Любы крытык можа паспрабаваць дасягнуць палітычных мэтаў больш паспяхова, чым сённяшнія крытыкаваныя ім няўмекі.

— Якая тактыка, на ваш погляд, больш правільная: байкот ці ўдзел?

— Усе добра вядомыя партыі, рухі, грамадскія кампаніі, зарэгістраваныя і не, акрамя КХП БНФ, цяпер у кампаніі ўдзельнічаюць. Сярод іх сёння і тыя, што яшчэ зусім нядаўна займалі дыяметральна супрацьлеглую пазіцыю. Лічу, што такая палітычная кампанія, як байкот выбараў, мэтазгодная і можа быць плённай толькі тады, калі галасы выбаршчыкаў лічацца. Чуў пярэчанні, маўляў, а навошта ж тады байкот? Напрыклад, калі незаконна не зарэгістравалі кандыдата ў прэзідэнты ці дэпутаты альбо знялі яго з выбараў. Тады зрываем выбары і дамагаемся новых. Перавыбары — галоўная мэта байкоту. У нашых умовах гэта немагчыма, таму няма чаго і абмяркоўваць.

— А што наконт стратэгіі?

— Стратэгіяй можна назваць што заўгодна. Канешне, якія стратэгі, такая будзе і стратэгія. Калі ж сыходзіць з таго, што задача стратэгіі — эфектыўнае выкарыстанне наяўных рэсурсаў для дасягнення галоўнай мэты, то тут можа ўзнікнуць адно няёмкае пытанне. А наколькі ж супадаюць мэты ўсіх тых партый, якія абвяшчаюць сябе апазіцыйнымі? Іншым разам палітычная дзейнасць больш нагадвае ўнутрывідавую барацьбу па нейкіх колькасных паказчыках, чым жаданне зрынуць рэжым.

— Ці магчыма наогул нейкая супольная пазіцыя апазіцыі?

— Падставы для сумеснай дзейнасці ўсёй палітычнай апазіцыі, відавочна, ёсць. Усе ж апазіцыянеры хочуць, каб Беларусь пераўтваралася ў прававую дзяржаву, грамадзяне па-сапраўднаму абіралі прэзідэнта, прадстаўнічую і заканадаўчую ўлады, дзейнічалі Канстытуцыя і законы. Спадзяюся таксама, што ўсіх іх хвалюе праблема захавання нашай краінай суверэнітэту і незалежнасці. Для дасягнення гэтай агульнай мэты трэба абавязкова змяніць існуючы рэжым з ягонай ідэалогіяй, якую інакш як самадурствам не назавеш. Галоўным тактычным сродкам тут лічу неабходнае аб’яднанне ўсіх апазіцыйных сілаў у адну каманду. Не для напісання нейкай чарговай сумеснай заявы, а для працы. Такое аб’яднанне патрабуе крыху прыспусціць свае партыйныя сцягі і адкласці высвятленне праграмных разыходжанняў да лепшых часоў. Без гэтага абмяркоўваць нейкія асобныя сумесныя аператыўныя дзеянні бессэнсоўна.

Дысанансам такой тактыкі з’яўляецца як стварэнне ідэалагічных кааліцый, так і нічым не падмацаваныя прэтэнзіі на самадастатковасць, што сёння і назіраецца ў нашым палітыкуме. Канешне, можна сказаць, што такія кааліцыі — не перашкода для больш шырокай кааперацыі па тым ці іншым пытанні. Але на практыцы ў прыярытэтах застаюцца свае купіны ў агульным апазіцыйным балоце.

Віктар Карняенка з Мікалаем Казловым і Нінай Даўгучыц

Паміж іншым, станоўчы досвед тут ёсць, гэта 2005–2006 гады, калі большасць апазіцыйных інстытутаў (партый, прафсаюзаў, НДА) змаглі дамовіцца і выступіць адзінай камандай. Зразумела, кампанія 2006-га была далёка не бездакорнай, але яна давала добрую надзею на перспектыву. Аб’яднаная апазіцыя была заўважана як салідны палітычны партнёр, аб чым сведчаць сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з прэзідэнтамі і канцлерамі вядучых еўрапейскіх краін, падпісанне дамоваў і рэалізацыя такіх, можна сказаць, міждзяржаўных праектаў, як «Белсат» і праграма Каліноўскага.

Ці магчыма сёння ўявіць сабе такое? Наадварот, да беларускіх «парламентарыяў» не так даўно прыязджала дэлегацыя дэпутатаў Сейму той жа Польшчы. Я бачу ў гэтым вялікую «заслугу» апазіцыянераў, якія пасля 2006-га не замацаваліся на «заваяваных» плацдармах і не развівалі той невялікі поспех, а пачалі ўсё з чарговага пачатку.

Што канкрэтна да гэтай кампаніі, перакананы: на яе трэба было выходзіць адзіным фронтам, з падзелам акруг і вылучэннем у кожную з іх аднаго апазіцыйнага кандыдата. Агульнае пасланне да выбаршчыкаў магло б быць прыкладна такім: «У кожнай нашай партыі ёсць праграмы. Вось яны, калі цікава! Але ў вас няма рэальнай магчымасці абіраць уладу і курс развіцця краіны. Таму зараз мы разам, каб вярнуць і вам, і нам гэта права. Без вашага шырокага ўдзелу і падтрымкі поспеху тут быць не можа». Мэта бягучай кампаніі — падрыхтоўка да значна больш важнай наступнай, прэзідэнцкай, дзе адзінства, як паказаў 2015 год, проста жыццёва неабходнае.

— Дык на што можна спадзявацца і што, на ваш погляд, сёння важна рабіць?

— У гэтым пытанні крыху адчуваецца безвыходнасць. Вы не вучань, я не майстар, але адна вядомая прыпавесць тут да месца. Памятаеце, як вучань запытаў у майстра, ці доўга чакаць пераменаў да лепшага? — Калі чакаць, то доўга! — адказаў майстар. Пры любых раскладах калектыўныя дзеянні — лепш, чым калектыўныя бяздзеянні. Спадзявацца ж трэба толькі на саміх сябе.

Крыніца: novychas.by/palityka

     

    Оставить комментарий

    avatar
      Subscribe  
    Notify of