Расписка при продаже квартиры, образец - fortstroi.com.ua
Информация о недвижимости - comintour.net
Чем штукатурят газобетон, смотрим на странице http://stroidom-shop.ru

Віцебскія гарадзкія ўлады ўспомнілі пра Чарнобыль

Увечары 26 красавіка ў Сьвята-Усьпенскім катэдральным саборы Віцебску прайшоў агульнагарадзкі мітынг-рэквіем, прысьвечаны трыццацігодзьдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Цягам многіх гадоў віцебскія чарнобыльцы-ліквідатары, сябры грамадзянскай арганізацыі “Зьвяз Чарнобыль-Беларусь”, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці гораду ў гэты трагічны дзень праводзілі на Ўсьпенскай горцы каля крыжа Эўфрасіньні Полацкай імправізаваны мітынг. Зьбіраліся, каб успомніць і ўшанаваць памяць памерлых, заўчасна загінулых ліквідатараў і ахвяр найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы. І вось упершыню за 30 гадоў гарадзкія ўлады ўзялі на сябе правядзеньне гэтага мерапрыемства.

16042802

Ці зьвязаная ініцыятыва ўладаў з круглай гадавінай трагедыі, або ад гэтага часу правядзеньне мітынгу-рэквіему зь іх удзелам стане штогадовай традыцыяй, пакажа час.

Сёлетні мітынг быў шматлюдны: кадэты, вучні профільнай клясы МНС, студэнты, школьнікі, прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі, духавенства, чарнобыльцы-ліквідатары…

Мітынг плянавалі правесьці на катэдральнай плошчы, але дождж мацнеў, і настаяцель храму запрасіў усіх зайсьці ўнутар. Дзякуючы гэтай акалічнасьці мітынг набыў іншае гучаньне. Аднак цалкам пазбавіцца ад фармалізму і непатрэбнага афіцыёзу, так недарэчнага ў гэтым выпадку, не ўдалося.

Выступ старшыні Віцебскага аблсавету Ўладзімера Цярэнцьева быў крыху зацягнуты і залішне насычаны сухой статыстыкай. Досыць пампэзна і, я б сказаў, па-савецку гучалі вершы пра ліквідатараў, прачытаныя прафэсійным дэкляматарам: “Они здесь потому что надо, Чернобыль – совесть их и честь!”.

16042806

 

Барані нас ад такога сумленьня і гонару, і такога мысьленьня, калі за некампэтэнтнасьць кіраўніцтва адказваць вымушаныя звычайныя грамадзяне. А вось сьпевы царкоўнага хору і літыя па нябожчыках вельмі дарэчна ўпісаліся ў структуру гэткага мерапрыемства.

У сваёй прамове старшыня аблсавету ўспомніў шэраг ліквідатараў зь Віцебску, толькі вось не было чамусьці сярод іх ані былога начальніка штаба апэратыўныя групы грамадзянскай абароны СССР па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС падпалкоўніка Анатоля Гнеўкі, ані яго таварышаў. Не далі ім і магчымасьці выступіць.

16042814

Пасьля таго, як афіцыйная частка мерапрыемства скончылася, віцебскія чарнобыльцы-ліквідатары і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці апусьцілі ў Дзьвіну жалобны вянок у памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Усьлед за вянком паплылі па рацэ і белыя караблікі з імёнамі і прозьвішчамі заўчасна загінулых ліквідатараў Віцебшчыны.

http://vitebskspring.org

Оставить комментарий

avatar
  Subscribe  
Notify of